Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» даў інтэрв’ю з СІЗА
Руская служба Бі-бі-сі праз ланцужок пасрэднікаў змагла ўзяць інтэрв’ю у галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, які знаходзіцца ў турме. Праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным вязнем.
Ягора Марціновіча першы раз затрымалі на самым пачатку масавых пратэстаў у Беларусі, у ноч на 11 жніўня 2020 года, калі ён вяртаўся дадому пасля акцыі, якую асвятляў як журналіст. Яго пратрымалі ў зняволенні некалькі сутак без прад’яўлення абвінавачання і нават без афармлення дакументаў, а 13 жніўня вызвалілі.
20 жніўня 2020 года найстарэйшае выданне Беларусі было заблакавана паводле рашэння рэжыму, але рэдакцыя здолела дамагчыся адмены гэтага рашэння. Амаль праз год, 8 ліпеня 2021 года, Марціновіча і яшчэ траіх супрацоўнікаў рэдакцыі затрымалі сілавікі (пад вартай таксама застаецца кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко). Спачатку іх абвінавацілі ў арганізацыі незаконных пратэстаў, а сайт «Нашай Нівы» заблакавалі паўторна.
«Пасля таго, як улады разграмілі TUT.BY – найбуйнейшае анлайн-медыя ў краіне – стала зразумела, што прыйдуць па ўсіх, – каментуе Ягор Марціновіч. – Ці былі нейкія сігналы, што будуць біць канкрэтна па нас? Ды не, проста ўсё вакол выбухала. Але мы працягвалі працаваць падкрэслена легальна, чаго нам баяцца ў сваёй краіне».
У выніку Ягору Марціновічу прад’явілі абвінавачанне не па палітычным, а па эканамічным артыкуле: прычыненне маёмаснай шкоды. Абвінавачанню нават не спрабавалі надаць праўдападобнасць.
«Мяне проста замкнулі з помсты за маю прафесійную дзейнасць, – кажа ён. – Самае складанае – разумець, што марнуеш час, які можна было б правесці з карысцю. І яшчэ цяжка ўсведамляць, што гэтая сітуацыя вымотвае родных».
Марціновіч кажа, што «Наша Ніва» прынцыпова працавала легальна і выконвала законы. «Бо нашая задача – існаванне штодзённага беларускамоўнага медыя – важнейшая за любыя рызыкі. У «Нашай Нівы» заўсёды былі праблемы з выданнем і распаўсюдам – нас выкідвалі з шапікаў, друкарням забаранялі друкаваць нашы нумары. Гэта паслужыла штуршком для развіцця сайта. Менавіта таму незалежныя медыя значна мацнейшыя за праўладныя СМІ анлайн. Улады проста не ўмеюць працаваць у інтэрнэце».
Цяпер галоўны рэдактар «Нашай Нівы» працягвае заставацца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. У сваім апошнім кароткім паведамленні ён перадаў, што яго і яшчэ 19 чалавек цяпер утрымоўваюць у сутарэннях, дзе няма вокнаў, і толькі ёсць невялікі прамежак пад столлю для вентыляцыі. Марціновіч напісаў, што задыхаецца і пакуль не ў стане падрабязна адказваць на лісты.