На дзяржаўных прадпрыемствах новая хваля затрыманняў
Ужо некалькі дзён працягваюцца затрыманні супрацоўнікаў шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў. Затрымліваюць працоўных, якія казалі пра страйк.
Праваабаронцам “Вясны” сталі вядомыя прозвішчы як мінімум 14 затрыманых працаўнікоў «Гродна Азот», БМЗ і Беларускай чыгункі. Пакуль незразумела, ў чым абвінавачваюць працоўных. Пяць чалавек знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Да адной з супрацоўніц прыходзілі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве. Два чалавекі атрымалі па 15 содняў за непадпарадкаванне міліцыянтам.
Выканкам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) зрабіў заяву ў сувязі з атакай уладаў і іх сілавых структур на лідэраў і актывістаў Беларускага незалежнага прафсаюза. БКДП праінфармаваў Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў і Міжнародную арганізацыю працы пра масавыя затрыманні і заклікаў прыняць неадкладныя меры супраць беларускіх уладаў, якія парушаюць Канвенцыю пра свабоду аб’яднанняў.