У Нюрнбергу заклікалі стварыць «міжнародны трыбунал па расследаванні злачынстваў рэжыму Лукашэнкі»
11 кастрычніка 2021 года ў Нюрнбергу адбылася Міжнародная прававая канферэнцыя «Злачынствы супраць чалавецтва і прызнанне Лукашэнкі тэрарыстам», арганізаваная Народным антыкрызісным упраўленнем.
Адкрыла канферэнцыю дэмакратычная лідэрка Святлана Ціханоўская. Яна адзначыла, што прынцып вяршэнства права сёння больш не дзейнічае ў Беларусі. У краіне прававы дэфолт, канстатавала Ціханоўская і ў чарговы раз заклікала заходнія дэмакратыі падтрымаць стварэнне міжнароднай платформы, на якой будуць збірацца, верыфікавацца і захоўвацца ўсе сведчанні парушэння беларускімі ўладамі міжнароднага гуманітарнага права. Акрамя таго, яна прапанавала прасоўваць выкарыстанне ўніверсальнай юрысдыкцыі для крымінальнага пераследу Лукашэнкі, а таксама пазбавіць Мінск права голасу ў МАГА, Інтэрполе і іншых міжнародных арганізацыях.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў сваім дакладзе прывёў статыстыку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі: 40 тыс чалавек падвергліся арыштам, тысячы – катаванням, 16 – загінулі, зачыненыя ўсе незалежныя газеты і 275 НКА, дзесяткі тысяч беларусаў звольненыя з працы па палітычных матывах. Латушка таксама нагадаў, што летась Лукашэнка аддаў загад забіваць мірных дэманстрантаў. Апазіцыянер заклікаў запусціць працэдуру «юрыдычнага пераследу дыктатара і ягоных паслугачоў».
Томаш Вілінскі, польскі юрыст, праваабаронца і спецыяліст у галіне міжнароднага крымінальнага права, лічыць, што «ў выпадку Беларусі мы маем справу з дзяржаўным тэрарызмам, матываваным палітычным тэрарызмам, які выяўляецца ў стварэнні стану страху для рэалізацыі пэўных палітычных і ідэалагічных мэтаў».
Экс-міністр абароны Польшчы Радаслаў Сікорскі нагадаў пра бясследна зніклых у канцы 90-х апанентаў Лукашэнкі. «Маштаб рэпрэсій у Беларусі – беспрэцэдэнтны для ўсяго рэгіёну. Лукашэнка тэрарызуе мірнае насельніцтва. Мы павінны паставіць пытанне адказнасці ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда. Ён тэрарыст. І ён паўстане перад правасуддзем», – сказаў польскі палітык.
Па выніках канферэнцыі была прынята дэкларацыя з пяці пунктаў. У іх ліку – заклік да ўзмацнення міжнародна-прававога ціску на рэжым Лукашэнкі, паскарэння ўжо пачатых і адкрыцця новых крымінальных спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць тых, хто вінаваты ў злачынствах супраць чалавечнасьці ў Беларусі; афіцыйнае міжнароднае непрызнаньне Аляксандра Лукашэнкі і яго ўраду; прызнанне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным і ўнясенне яго самога ў спіс тэрарыстаў; стварэнне міжнароднага трыбунала ad hoc для расследавання злачынстваў супраць чалавецтва, учыненых у Беларусі рэжымам Лукашэнкі за ўсе гады яго кіравання.