Журналіст расійскага выдання затрыманы за артыкул пра забойства супрацоўніка КДБ
КДБ Беларусі 1 кастрычніка 2021 года затрымаў Генадзя Мажэйку – журналіста расійскага выдання «Камсамольская праўда ў Беларусі». Прычынай затрымання стаў яго артыкул, дзе аднакласніца Андрэя Зэльцэра, забітага напярэдадні ў перастрэлцы з сілавікамі, станоўча пра яго адклікаецца.
Раней паведамлялася, што Генадзь быў затрыманы ў Маскве, дзе ён знаходзіўся па асабістых справах. Але, паводле МУС, затрыманне адбылося на тэрыторыі Беларусі. Цяпер Мажэйка знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. У яго кватэры ў Мінску прайшоў ператрус. Журналіста абвінавачваюць у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці» і «абразе прадстаўніка ўлады».
Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» ў Расіі Уладзімір Сунгоркін пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем журналіста Генадзя Мажэйкі: «Яшчэ некалькі дзён таму мы лічылі, што адбываецца нейкае непаразуменне, якое зацягнулася, але цяпер я думаю, што ўсё, што адбываецца з «Камсамольскай праўдай», гэта беззаконне. Чым яно выклікана, я не разумею. Гэта неадэкватная рэакцыя на абсалютна нявінную зацемку. Там літаральна некалькі слоў аднакласніцы злачынца: што ў школе ён быў вельмі добрым хлопцам і што яна не разумее, што з ім здарылася. І за гэтыя словы наш журналіст у следчым ізалятары, а сайт «Камсамольскай праўды» ў Беларусі заблякаваны».
Саюз журналістаў Расіі заклікае вызваліць Генадзя Мажэйку.
Пасля перастрэлкі ў Мінску сілавікі затрымалі больш за 110 чалавек за каментары ў сацсетках пра гібель Андрэя Зэльцэра і супрацоўніка КДБ. Усіх іх абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні сацыяльнай варожасці».