Завяршыўся візіт Ціханоўскай у Францыю
Святлана Ціханоўская завяршыла працоўны візіт у Францыю. Ён доўжыўся з 15 па 18 верасня. Ціханоўская правяла больш за 15 працоўных сустрэч, дала больш за дзясятак інтэрв’ю і ўзяла ўдзел у некалькіх мерапрыемствах на тэму Беларусі.
Перамовы прайшлі з дарадчыцай прэзідэнта Францыі Ізабэль Дзюмон, экс-прэзідэнтам Франсуа Аландам, міністрам замежных спраў Францыі Жанам-Івам ле Дрыянам. Цягам сустрэч абмяркоўвалася дапамога журналістам, грамадзянскаму сектару, эканамічныя рэформы і шляхі ціску на рэжым. Францыя распрацавала новыя стыпендыі для рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі.
Ціханоўская таксама ўзяла ўдзел у адкрыцці фотавыставы беларускіх журналістак, у мітынгу з беларусамі Францыі, наведала парыжскую Оперу, дзе над роспісам плафона працаваў Марк Шагал, і карцінную галерэю Аранжары, дзе захоўваецца збор карцін Хаіма Суціна, і разам з амбасадарам Літвы і намеснікам амбасадара Польшчы ўсклала кветкі да помніка Адаму Міцкевічу.
Акрамя таго, Ціханоўская выступіла на анлайн-канферэнцыі «Беларуска-расійскі экспертны дыялог», а таксама ва ўніверсітэце палітычных навук Science Po і дала інтэрв’ю Quotidien, Le Monde, Die Zeit, Radio France, France Info, France 24, RTL.FR, Le Point і ParisMatch.com.