Чалавек з парушэннем слыху апынуўся ў калоніі нібыта за абразу Лукашэнкі і «заклікі да гвалту»
30-гадовага Дзмітрыя Заломскага, які мае парушэнне слыху, асудзілі на два гады калоніі і ўзялі пад варту проста ў залі суда. Генеральная пракуратура паведаміла, што Дзмітрыя судзілі за «абразу кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозу гвалту ў дачыненні да суддзі». Пракуратура не паведаміла, што асуджаны мае парушэнне слыху.
«Дзіма чуе вельмі дрэнна нават з апаратам. Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максімум «хімію» і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Самая вялікая праблема – што ён будзе ў калоніі, і што слыхавы апарат у яго забралі», – кажуць сваякі асуджанага.
Дзмітры Заломскі працаваў наладчыкам на прадпрыемстве «Віпра». Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомелі, якое дае працу людзям з парушэннем слыху. Яшчэ з лютага ў Дзмітрыя былі ператрусы, у яго забралі кампутар і тэлефон. Суд быў закрытым, таму нават сваякі не маглі прысутнічаць на працэсе.