Экс-міліцыянта этапавалі на «хімію» ў апошні дзень адміністрацыйнага арышту
Дзмітрый Кулакоўскі працаваў у міліцыі з 2006 года, узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска. Пасля выбараў 2020 ён заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады, і звольніўся.
У кастрычніку 2020 года яго затрымалі па адміністрацыйнай справе, і амаль месяц ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, дзе з ім абыходзіліся такім чынам, што ў знак пратэсту яму давялося праглынаць металічныя прадметы.
Пазней яго асудзілі па крымінальнай справе за абразу прадстаўніка ўлады. Кулакоўскі не прызнаў віны і сцвярджаў, што доказы супраць яго сфабрыкаваныя. На судзе ён распавядаў, што яго 25 содняў трымалі ў карцары ў нечалавечых умовах.
Праваабаронцы прызналі Кулакоўскага палітвязнем. Дзмітрыя асудзілі на 2 гады «хіміі», ён знаходзіўся на волі ў чаканні апеляцыі. 20 траўня яго затрымалі нібыта за непадпарадкаванне і пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. У мужчыны сур’ёзныя праблемы са здароўем, прагрэсуе дыябет. Каб прыцягнуць увагу і дамагчыся дапамогі, ён праглынуў лыжку. 5 чэрвеня Кулакоўскі мусіў выйсці на волю, аднак 4 чэрвеня яго адправілі адбываць «хімію» ў папраўчую ўстанову.