Нелегалы штурмуюць межы ЕС з боку Беларусі
На мяжы Беларусі з суседнімі краінамі ЕС Літвой і Польшчай рэзка павялічылася плынь нелегалаў.
За першыя пяць месяцаў 2021 года ў Літву спрабавала патрапіць больш за 270 парушальнікаў з тэрыторыі Беларусі, што ў тры разы больш, чым за ўвесь мінулы год. За той жа перыяд польскія памежнікі затрымалі 112 чалавек за незаконнае перасячэнне мяжы, 92 з іх непасрэдна на беларуска-польскай мяжы. Гэта амаль у 4 разы больш за леташнія паказчыкі. Сярод затрыманых жыхары Афганістана, Палестыны, Ірака, Таджыкістана, Егіпта, грамадзяне Расіі чачэнскай нацыянальнасці.
Кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў заявіў, што сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы застаецца складанай, і папракнуў беларускіх памежнікаў у бяздзейнасці і адсутнасці супрацоўніцтва. «Мы бачым, што сітуацыя змяняецца не па днях, а па гадзінах. За выходныя затрымалі тры групы нелегалаў, гэта больш 30 чалавек», – сказаў журналістам Любаеў.
26 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў, цяпер будзеце самі іх есці і лавіць». У Літве ўпэўненыя, што ўзрослая плынь нелегальных мігрантаў – наступства гэтай заявы. Цяпер Літва вырашае пытанні набыцця новых сродкаў абароны і зброі для аховы мяжы. Разглядаецца магчымасць прыцягнення арміі.