«Белсат» і ўсе яго сацсеткі прызнаныя экстрэмісцкімі
Сайт і сацыяльныя сеткі «Белсата» прызналі экстрэмісцкімі. Такое рашэнне 27 ліпеня прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Падставай для гэтага сталі матэрыялы праверкі, праведзенай упраўленнем ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці. Пра якія матэрыялах ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
«Мэта такіх дзеянняў уладаў – зачысціць інфармацыйнае поле ў Беларусі, максімальна ўскладніць распаўсюджванне непадцэнзурнай інфармацыі. Рашэнне, натуральна, абсурднае. Ні «Белсат», ні іншыя незалежныя мэдыя не з’яўляюцца экстрэмістамі. Мы будзем працягваць працаваць, несці нашым гледачам і чытачам інфармацыю па-беларуску і без цэнзуры», – кажа намеснік дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі.
Згодна з дзейным заканадаўствам, распаўсюджванне (рэпост) інфармацыі з экстрэмісцкіх крыніц цягне адміністрацыйную адказнасць з пакараннем у выглядзе грашовага спагнання або арышту.