У амбасадзе Швецыі ў Мінску ўжо дзевяць месяцаў хаваюцца двое беларусаў
Двое жыхароў Віцебска, бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, больш за дзевяць месяцаў жывуць на тэрыторыі амбасады Швецыі. 11 верасня 2020 года, спрабуючы схавацца ад міліцэйскага пераследу за ўдзел у пратэстах, яны пералезлі праз плот амбасады Швецыі ў Мінску і засталіся там.
Мужчыны адчуваюць сябе ў бяспецы, але маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Малодшы Кузнечык хварэе на анкалогію і пакутуе ад частковай атрафіі глядзельнага нерва – яму патрэбныя абследаванні кожныя паўгода. У яго бацькі нядаўна былі моцныя болі ў жываце і падвышаная тэмпература, ён тыдзень не мог есці. Але ў амбасадзе ў іх няма магчымасці атрымаць медыцынскую дапамогу.
Тым не менш Кузнечыкі не плануюць пакідаць тэрыторыю амбасады да змены сітуацыі. Першапачаткова яны не меркавалі, што ім прыйдзецца заставацца ў амбасадзе так доўга, але цяпер іншага выйсця ў іх няма: ім пагражае турма.