Еўрапарламент заклікаў да новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі
Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю з заклікам да ЕС увесці новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Члены Еўрапарламента заклікаюць да пільных эканамічных і сектаральных захадаў, накіраваных на ключавыя беларускія галіны, у прыватнасці на сыравінную, нафтаапрацоўчую, калійную, металургічную і дрэваапрацоўчую галіны.
Парламентарыі прапануюць разгледзець магчымасць часовага выключэння Беларусі з сістэмы SWIFT.
Акрамя таго, яны просяць кампаніі, зарэгістраваныя ў Еўрасаюзе, у прыватнасці Siemens AG, спыніць супрацоўніцтва з уладамі Беларусі што тычыцца абмену тэхналогіямі і ноў-хаў.
Рэзалюцыя патрабуе адхілення Беларусі ад удзелу ў міжнародных спартыўных арганізацыях і міжнародных мерапрыемствах, уключна з чэмпіянатамі Еўропы і свету і Алімпійскімі гульнямі ў Токіа. Парламентарыі заклікаюць Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) пазбавіць беларускае дзяржаўнае тэлебачанне правоў на трансляцыю футбольнага турніру, а замест гэтага бясплатна перадаць гэтыя правы тэлеканалу «Белсат». Пазней з’явілася інфармацыя, што ЕС можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да 71 чалавека і 7 арганізацый з Беларусі.