Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у слуханнях у камітэце па міжнародных стасунках Сената ЗША
У камітэце па міжнародных стасунках Сената ЗША з удзелам Святланы Ціханоўскай прайшлі слуханні, прысвечаныя сітуацыі ў Беларусі.
Сенатары заклікалі ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Мінска і распаўсюдзіць іх на нафтаперапрацоўчую галіну і экспарт калійных угнаенняў.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, якая па-ранейшаму знаходзіцца ў Літве, заявіла, што ў хуткім часе з боку ЗША могуць быць уведзены новыя санкцыі ў адносінах да Мінска.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская адзначыла, што міжнародная рэакцыя на згон самалёта Ryanair была хуткай і эфектыўнай, аднак яна не мусіць абмяжоўвацца гэтым інцыдэнтам. «Уся сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае ўсёабдымнага адказу. У адваротным выпадку Лукашэнка ператворыць нашу краіну ў еўрапейскую Паўночную Карэю – непразрыстую, непрадказальную і небяспечную».
Ціханоўская заклікала ЗША пашырыць санкцыі супраць саўдзельнікаў Лукашэнкі і буйных дзяржпрадпрыемстваў, абмеркаваць беларускі крызіс на самітах G7, НАТО, ЕС-ЗША і распрацаваць пакет дапамогі, якую беларусы змогуць атрымаць пасля падзення рэжыму.
Сёння ж Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам да сенатараў і чэшскага народу ў чэшскім Сенаце. Гэта другі раз у гісторыі, калі да Сенату звяртаецца не чэх.