Савет па правах чалавека ААН абмяркоўвае пытанне Беларусі
На 47-й сесіі Савета па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прагучала пытанне Беларусі. Спецыяльная дакладчыца Анаіс Марэн прадставіла чарговы даклад аб становішчы ў краіне.
Як паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна», Анаіс Марэн заявіла, што з часу публікацыі яе апошняга дакладу (4 траўня) сітуацыя ў Беларусі надалей пагаршалася, краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе і працягвае ізалявацца. Яна адзначыла, што больш чым паўтысячы палітычных зняволеных – гэта ў 10 разоў больш, чым падчас папярэдняга крызісу пасля выбараў у 2011 годзе.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет падчас адкрыцця сесіі заявіла, што сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца і адзначаецца жорсткімі абмежаваннямі грамадзянскай прасторы, у тым ліку абмежаваннямі правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду мірных сходаў і аб’яднання, нападамі на грамадзянскую супольнасць і незалежныя сродкі масавай інфармацыі, судовым пераследам праваабаронцаў і журналістаў.